СЛО́НІМСКІЯ ЗА́МКІ Існавалі ў 13—18 ст. у г. Слонім. Размяшчаліся на левым беразе р. Шчара. Умацаваным цэнтрам сярэдневяковага Слоніма быў Верхні замак, які займаў узвышша памерам 150×200 м. Замкавая пляцоўка мела форму няправільнага прамавугольніка, узвышалася над ракой на 3—4 м, была ахавана ровам шырынёй 15—18 м і глыбінёй каля 8 м. У 14—18 ст. побач з Верхнім размяшчаўся Ніжні замак, які займаў падковападобную пляцоўку, ахоўваўся земляным валам і вадзяным ровам. Нягледзячы на наданне ў 1531 Слоніму магдэбургскага права, ён у адрозненне ад інш. падобных гарадоў ніколі не меў уласна гар. умацаванняў. З ПдЗ горад абкружалі высокія ўзвышшы, што панавалі над усім наваколлем, і ўзвядзенне каля іх падножжа абарончых збудаванняў не мела сэнсу. Аднак на сутыку гандл. шляхоў была размешчана сістэма ўмацавання з цэркваў і кляштараў, якая запірала ўезды-выезды з горада. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 яны ўсё ж не змаглі абараніць у 1655 абязлюдзелы Слонім. Пазней умацаванні С.з. былі адноўлены і праіснавалі да канца 18 ст.

М.​А.​Ткачоў.

т. 15, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)